20 лістапада 2024 года ў РІКК БДУ прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Транскрыпцыя складоў піньінь на беларускую мову».
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі РІКК БДУ і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».
Мэты канферэнцыі – абмеркаваць праект табліцы «Транскрыпцыя складоў піньінь на беларускую мову» і ўзгадніць унясенне неабходных правак; прыняць рашэнне аб замацаванні табліцы «Транскрыпцыя складоў піньінь на беларускую мову» ў якасці нормы для перадачы складоў піньінь на беларускай мове.
Ва ўступным слове дырэктар РІКК БДУ А.А. Тозік адзначыў актуальнасць распрацоўкі нацыянальнай сістэмы перадачы кітайскіх уласных імён на беларускай мове.
З дакладамі, прысвечанымі тэарэтычным і практычным аспектам акрэсленай праблемы, выступілі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў, загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа У.А. Кошчанка, дацэнт кафедры кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта А.М. Букатая, галоўны рэдактар выдавецтва «Усходняя культура» А.М. Багушэвіч. Спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага аддзела М.В. Яромка прэзентавала праект табліцы транскрыпцыі.
У абмеркаванні прынялі ўдзел загадчыца кафедры кітайскай мовы і краіназнаўства Кітая Ю.В. Малаткова, перакладчыцы А.А. Сямашка і Ю.І. Саруханава.
Па выніках канферэнцыі прынята рашэнне арганізаваць сумесную працу па распрацоўцы канчатковага варыянту табліцы з улікам агучаных прапаноў.